ААТ "БЕЛФА": спакой i экспрэсiя штучнага футра
Модны камфорт
Звязда 249(25838), 21.11.2006
Вытворчасць штучнага футра i, зразумела, вытворчасць вырабаў з яго iмклiва развiваюцца ў апошнiя гады. I справа не толькi ў iмкненнi абаранiць жывёл. Натуральнае футра было i застанецца дарагiм шыкам i высокiм стылем, класiкай i эталонам, словам, чымсьцi досыць патрабавальным i амаль недаступным. Аднак вытворцы штучнага футра ўжо даказалi, што ёсць матэрыялы i рэчы
без межаў. Каб апiсаць iх, не стае слоў i азначэнняў, бо "ненатуральны" накiрунак — гэта бясконцыя магчымасцi. Штучнае футра дазваляе вытворцу i мадэльеру рабiць з сабой што заўгодна. Адсюль разнафактурнасць, разнакаляровасць, выкарыстанне шматлiкiх дэкаратыўных дэталяў. Прыемна для вачэй, прыемна навобмацак, прыемна ў час "эксплуатацыi". Такi твор моды не здольны расчараваць. Штучнае футра лёгка насiць, лёгка даглядаць i без праблем можна памяняць на новае — без нанясення ўрону навакольнаму асяроддзю i ўласнаму кашальку.
Амаль трыццаць гадоў накiрунак вырабу штучнага футра i вырабаў з яго ўдасканальвае ў Беларусi адзiны, ён жа буйнейшы ў Еўропе, вытворца — ААТ "БЕЛФА", прадукцыя якога не аднойчы атрымлiвала ўзнагароды на беларускiх i расiйскiх конкурсах. Прадпрыемства ўкаранiла сiстэму менеджмента якасцi ў адпаведнасцi з патрабаваннямi IСО 9000, што дазволiла пастаўляць прадукцыю ў Расiю, Малдову, Украiну, Арменiю, Кiргiзiю, Узбекiстан, Прыбалтыку, Бельгiю, Славакiю, Нiдэрланды.
Зараз "БЕЛФА" валодае высокавытворчым абсталяваннем ЗША, Германii i Вялiкабрытанii, што дазваляе выпускаць звыш 15 мiльёнаў квадратных метраў футра ў год. Уласная калекцыя налiчвае звыш 500 узораў футра з розным малюнкам, даўжынёй ворсу i каляровай гамай. Акрамя таго, "БЕЛФА" набывае сыравiну ў магiлёўскiх, наваполацкiх i светлагорскiх вытворцаў. У рэшце рэшт атрымлiваецца безлiч карысных, утульных i арыгiнальных рэчаў. Так, "БЕЛФА" вырабляе штучнае футра для мяккай цацкi, адзення i абутку, дэкаратыўных вырабаў i нават для галаўных убораў i каўняроў адзення спецыяльнага прызначэння. Разам з тым само прадпрыемства вырабляе палiто для дзяцей ад ясельнага да малодшага школьнага ўзросту, шубкi, паўшубкi, паўпалiто, курткi — для дзяўчат-палеткаў, жылеты i жакеты для жанчын, а таксама святочныя накiдкi i шалi для нявест, камфортныя рэчы для дома — дэкаратыўныя дываны з iмiтацыяй шкуры жывёл, шарсцяныя коўдры, падушкi i г.д. Кожны твор "БЕЛФА" дастойны пiльнай увагi любога, хто жадае парадаваць сябе цi сваiх блiзкiх нестандартным падарункам, аднак напярэдаднi халодных дзён жаночую палову асаблiва хвалюе адно: якой жа будзе мода штучнага футра восенню-зiмой 2006/2007? У "БЕЛФА" ёсць свой адказ на гэта пытанне.
У апошняй калекцыi верхняга адзення, напрыклад, у тых жа жакетах i паўшубках, мяккiя, паўкруглыя лiнii каўняроў, капялюшоў, рукавоў смела спалучаюцца з прамымi, выразнымi лiнiямi дэкаратыўнай апрацоўкi, жакардавыя i гладка фарбаваныя тэкстуры футра цудоўна дапаўняюць адна адну, насычаныя цёмныя колеры актыўна разбаўляюцца пастэльнай гамай, каўнерыкi-стойкi i капялюшыкi змяняюцца каўнярамi, свабодна раскiнутымi па плячах, засцежкi i кiшэнi — не проста функцыянальныя дэталi, а сапраўдныя ўпрыгажэннi, фасоны — кароткiя, але ўтульна-цёплыя для шыi i рук
Будзь смелай, непаўторнай, выразнай нават у самы змрочны час года! Вось што хацелi сказаць гэтай калекцыяй вытворцы "БЕЛФА" сваiм прыхiльнiцам.
Святлана БАРЫСЕНКА.
ААТ "БЕЛФА"
243210 Рэспублiка Беларусь
г.Жлобiн, вул. Чырвоны праезд, 2, т. (8 02334) 2 95 05.


Версия для печати
Корзина: 
